У канцы чэрвеня пачыналася ў сялян самая гарачая пара. Ад «Пятра» на лугах ужо ляжалі зялёныя пракосы. А касьба абавязкова павінна была закончыцца да свята Ільі. У народзе так гаварылі: «Прыйдзе Ілья — наробіць гнілля». Пагодныя дні — неабходная ўмова для касьбы, таму касцы звычайна спявалі:
Касцы косяць,
Бога просяць:
— Ой, дай, Божа, пагоданьку
Ды на нашу работаньку.
У некаторых месцах Гродзеншчыны існаваў такі звычай. Калі з'яўляўся на луг гаспадар, які наняў касцоў, яго звязвалі вяроўкай, звітай з травы. З гэтага жартоўнага палону ён павінен быў выкупіцца грашыма.
А жніво на Беларусі было, вядома, яшчэ больш важнай падзеяй. Гэта пацвярджаюць спецыяльныя абрады: пакрыванне поля, зажынкі і дажынкі. Кожны селянін імкнуўся як мага хутчэй пачаць жніво. каб жыта не пераспела. Жалі звычайна жанчыны і дзяўчаты, а таму і ў жніўных абрадах удзельнічалі выключна яны адны.
Раніцай, да ўсходу сонца, ішла на поле маладзіца і ў прысутнасці некалькіх дзяўчат нажынала невялікі снапок жыта і, абвіўшы яго ручніком або полкай новага палатна, падкідала, прыгаворваючы:
Пакрыла ніўку і
На добрую спажыўку;
Парадзі, Божа,
Наша збожжа!..
Потым маладзіца і дзяўчаты ішлі дамрў ш да'гаспадара, чыё поле пакрывалі. Пры ўваходзе ў хату спявалі, аддавалі снапок гаспадыні. Тая адорвала іх грашыма. Затым падыходзілі з паклонам да гаспадара. Гаспадар частаваў жнеек і запрашаў на зажынкі. Тым і заканчвалася пакрыванне поля.
Праз два дні рабілі зажынкі. Вечарам, на заходзе сонца, гаспадарова дачка разам з сяброўкамі, спяваючы, адпраўлялася на поле. Гаспадыня ім давала з сабой яечню, сыр і гарэлку. На полі дзяўчаты сілкаваліся, зразалі па каласку, звязвалі невялікі снапок-гаспадарок, акраплялі яго гарэлкай і, спяваючы, адпраўляліся дамоў.
Увайшоўшы ў хату, гаспадарова дачка з паклонам падавала снапок-гаспадарок бацьку. Той, падкінуўшы снапок, ставіў яго на покуці пад абразы. Пад снапок клаў чатыры медныя манеты і кланяўся, затым гаспадары частавалі дзяўчат і запрашалі іх на дажынкі. Увесь абрад зажынак суправаджаўся песнямі.
Цікава праходзілі дажынкі. На Віцебшчыне, напрыклад, заканчваючы жытняе жніво, адна частка жней, зрэзаўшы жменю жытніх сцяблін з каласамі, пачынала звіваць з іх вянок. У той час астатнія садзіліся на зямлю і спявалі. Першая з пявунняў прысядала на кукішкі перад знарок пакінутым на полі кустом аржаных сцяблін з каласамі, яго палола, затым сцябліны звязвала ля самых калоссяў, што і звалася «барадой». У сярэдзіну куста клалі акраец хлеба і соль. Усё гэта дзеянне называлася «завіваннем барады».
Затым жнейкі з песнямі адпраўляліся дамоў. Калі на шляху ім трапляўся добра знаёмы чалавек, то зачынальніца надзявала яму вянок, а жнеі вакол «палонніка» спявалі песні да таго часу, пакуль ён не даваў выкуп — грошы ці якую-небудзь рэч.
Жнеек дома сустракаў гаспадар. Дзяўчаты надзявалі гаспадару на галаву вянок, а гаспадар запрашаў іх у хату, дзе яшчэ ў сенях іх вітала гаспадыня, трымаючы ў руках гарэлку, хлеб, соль, сыр. Калі гатова была вячэра, то адразу садзіліся за стол. І не толькі жнеі, але ўсе, хто ў хаце прысутнічаў.
На дажынкі пяклі бліны і да іх падавалі масла, мёд. Акрамя таго, варылі вельмі густую кашу, каб і пасевы на другое лета былі такія ж густыя. Таксама смажылі або варылі парася, пяклі яечню і частавалі гарэлкаю.