Каляда пачынае і канчае гаспадарчы год. Па старому звычаю з гэтага дня (маецца на ўвазе Вялікая посная каляда або куцця. — Рэд.) наймаюць парабкаў на год. Так і дамаўляюцца: ад Каляд да Каляд. Аднак звычай патрабуе, каб парабка, які адбыў свой тэрмін, да другога дня Каляд не адпраўлялі. Пры разліку яго адорваюць «калядой»: кілбасамі і салам. Бяздомныя парабкі або гулякі ідуць у карчму, каб гульнуць на рэшткі атрыманага жалавання.
На Каляды, пасля вячэры, гаспадары «сеюць боб» па хаце і па двары, каб хлеб урадзіўся, як боб. А гаспадыні кормяць курэй куццёй у абручы, каб яны трымаліся свайго дома, не неслі яек дзе папала. На працягу двух тыдняў паміж першай і апошняй калядой, нават у буднія дні, нельга выконваць сур'ёзныя гаспадарчыя работы, акрамя як дагледзець жывёлу — даць корму і напаіць — ды прыгатаваць абед. А вечарамі і зусім нічога нельга рабіць. Гэтыя вечары завуць святымі, а ў іншых месцах крывымі, мабыць, з прычыны таго павер'я, што калі ў гэтыя вечары працаваць, то прыплод хатняй жывёлы будзе нараджацца вырадлівым, ненармальным. Асабліва нельга шыць і прасці. Ад першага не толькі хатняя жывёла, але і дзеці могуць нарадзіцца сляпымі, а ад другога можа звіцца каўтун у валасах. У гэтыя вечары сяляне збіраюцца па хатах, якія больш прасторныя, і бавяць час у размовах, гульнях і забавах. Старыя апавядаюць падлеткам казкі, павучальныя бывальшчыны, загадваюць загадкі. Такі звычай. Таксама па звычаю грызуць у гэтыя вечары арэхі, гуляюць у цот і лішку. Дарослыя маладыя людзі, сабраўшыся асобна, спраўляюць «жаніцьбу Цярэшкі». Гэта спецыяльная калядная гульня. Іншыя гульні, як, напрыклад, «яшчур», гульня ў «Бога і чорта», хоць і ладзяцца ў калядныя вечары, але не абавязковыя. У гэтыя гульні гуляюць і ў іншы час і пры тым гуляюць больш дзеці і падлеткі, а ў «жаніцьбу Цярэшкі» гуляюць выключна на Каляды і прытым дарослыя хлопцы і дзяўчаты.