rube

Вход на сайт

Каляднікі

 

         На першы і дрўгі дзень Каляд, а ў некаторых мясцінах таксама на Багатую каляду (куццю), ходзяць па хатах каляднікі. Гэта натоўп моладзі, што, падыходзячы пад вокны або ўвайшоўшы ў хату, славіць песнямі гаспадароў і за гэта атрымлівае каляду, г. зн. як мы ўжо тлумачылі, сала і кілбасы. Каляднікі нагадваюць велікодных валачобнікаў, і песні іх носяць часткова той жа земляробчы характар, што і валачобныя, толькі гэта асаблівасць у валачобных песнях больш ярка выяўлена.

Аднак у некаторых калядных песнях ёсць і асаблівасці: гэта менавіта параунанне гаспадара з месяцам, яго жонкі — з сонейкам, а дзяцей з зоркамі — параўнанне, якое нам не даводзілася сустракаць у валачобных песнях. А самі каляднікі тым адрозніваюцца ад валачобнікаў, што нярэдка водзяць «казу», чаго валачобнікі не робяць. У такім выпадку, г. зн. калі ходзяць з «казой», то спяваюць толькі адну песню, прыстасаваную менавіта да гэтага звычаю.

         «Казу» рыхтуюць так. Бяруць казіную галаву, насаджваюць яе на кій і прышываюць да кажуха, а калі няма сапраўднай галавы, то робяць яе з дрэва, афарбоўваюць у белы колер, выводзяць вочы, прыладжваюць рогі і г. д. Кажух, выварачаны наверх, апранае які-колечы спрытны хлопец — і «каза» гатова. Натоўп каляднікаў, увёўшы «казу» ў хату, зацягвае песню:

 

Бог-помач таму,

Хто ў гэтым даму!

Мы ў госці ідзём

І казу вядзём.

Го-го! Каза,

Го-го! Шэра!

Дзе каза ходзіць,

Там жыта родзіць,

Дзе каза нагой,

Там жыта капой.

Дзе каза рогам,

Там жыта стогам.

А наша каза

Была ў бару,

Грызла там кару

З казяняткамі;

Спаткала воўка

З ваўчаняткамі;

Як хваціць ваўчок

Казу за бачок,

А ваўчаняткі —

За казяняткі.

Ледзь-неледзь каза,

Ад ваўка ўцякла,

У сяло прыйшла.

А ты, козанька,

Топні ножанькай,

Не бойся ваўка, —

Ён не з'есць цябе;

А бойся, каза,

Старога дзеда:

Ен цябе згубіць .

Скуру аблупіць.

Ужо бярэ ён меч,

Каб козаньку сеч.

Пацекла юшка

З правага вушка;

Козанька пала —

Здохла, прапала. 

— Гаспадарочак,

Слічны паночак!

Гаспадынечка,

Як маліначка!

Ты вазьмі ключы

Залаценькія;

Запалі свечку,

Пайдзі ў клетку:

Прынясі казе

Рэшата аўса;

Рэшата аўса,

На верх кілбаса

І кусок сала,

Каб каза ўстала.

         У час спеву «каза» нязграбна паварочваецца ў розныя бакі, у адпаведных месцах песні прытупвае нагамі, пастуквае рагамі, кланяецца, падае і ляжыць, быццам мёртвая, і ў канцы імгненна ажывае, ускоквае на ногі. У гэтым і ўся штука. Што да песень, пад якія скача каза, то ўсе яны па складу зусім аднолькавыя, спяваюцца адным напевам, але розняцца па зместу.

         Мы прывялі тут найбольш тыповую з іх і прывялі таму, што ў ёй заўважаецца намёк на старажытнае ахвярапрынашэнне: менавіта напамінак пра старога дзеда, які збіраецца загубіць казу. Гэты дзед крыху нагадвае язычніцкага жраца. У такім выпадку ў казе можна было б бачыць ахвярную жывёліну, і тады ўвесь абрад набыў бы сэнс. Аднак з прычыны беднасці зместу гэтых песень цяжка зрабіць бясспрэчную выснову, тым больш што ёсць варыянты, якія паказваюць на тое, што дзед хоча злупіць скуру з казы для таго, каб зрабіць дуду.

Статистика посещений

Колькасць праглядаў матэрыялаў
293598