rube

Вход на сайт

«Печ, печ, памажы!»

 

Есць такі выраз: танцаваць ад печы. Пачнём і мы нашу размову з печы. 

Печ займае ў сялянскай хаце важнае і пачэснае месца. Яе роля не толькі ў практычным прызначэнні (печ абагравае хату, у ёй вараць ежу, на ёй спяць, адпачываюць, лечацца). З печчу звязана шмат вераванняў і ўяўленняў.

Асаблівая павага да печы, адносіны да яе як да жывой істоты падкрэсліваюцца забаронай ужываць «у яе прысутнасці» грубыя або непрыстойныя словы: «Няможна гэтак казаць, бо печ у хаце», «Сказаў бы, ды печ у хаце».

Печ была своеасаблівым цэнтрам хаты, увасабленнем старажытнага агменю (ачага), без якога немагчыма ўявіць сабе чалавечае жыццё. Невыпадкова менавіта печ (а дакладней — падпечак) лічылася месцам знаходжання добрага духа — дамавіка, галоўныя «абавязкі» якога — клопат пра дабрабыт сям'і. Дамавіка атаясамлівалі з кутнім слупам печы, які называлі звычайна дзедам.

У тых выпадках, калі неабходна было здабыць «жывы агонь», яго атрымлівалі вярчэннем верацяна ў якой-небудзь шчыліне пячнога дзеда. Як бачым, печ уяўлялася сімвалам дзядоў — продкаў, якія «дораць» агонь, а з ім — жыццё. Цікава, што ў некаторых месцах Беларусі дзедам называюць прыстасаванне, у якое ўтыкаецца лучына для асвятлення хаты.

Беларусам быў вядомы такі звычай: кума, перш чым перадаць маці ахрышчанае дзіця, пасля вяртання з царквы абносіла яго тройчы вакол слупа печы, «каб дзіця любіла хату і трымалася яе».

Вясной, у дзень першага выгану жывёлы ў поле, гаспадыні кармілі кароў на пячной засланцы, прыгаворваючы: «Як гэтая засланка кожную ноч стаіць на сваім месцы, так бы і наша кароўка стаяла кожную ноч на сваім двары».

З гэтай жа мэтай кармілі на засланцы і купленную карову, якую прыводзілі на панадворак.

Печ успрымалі і як надзейную заступніцу ад хваробы або смерці. Існавала такая парада: пры ўваходзе ў хату, у якой ляжыць хворы, трэба спачатку паглядзець на печ, каб не прыстала хвароба. Пасля вяртання з могілак удзельнікі пахавальнай працэсіі перш за ўсё выконвалі абрад ачышчэння агнём: адчынялі ў печы засланку і па чарзе грэлі рукі, «каб смерць праз комін пайшла».

У народнай медыцыне беларусаў быў вядомы прыён сімвалічнага «запякання» слабых, хворых дзяцей у печы. Дзіця закутвалі ў коўдру і трымалі некалькі хвілін у цечы адразу пасля таго, як скончаць паліць. Лічылася, што пасля такога «запякання» дзіця набывае сілу і здароўе.

Асабліва выразнай была шлюбная сімволіка, бо печ асэнсоўвалася як «жаночае» месца ў хаце. Сваты, збіраючыся ісці сватаць дзяўчыну, дакраналіся да печы ў сваім доме, «каб быў лад». Прыйшоўшы ў хату будучай нявесты, яны перш за ўсё набліжаліся да печы і ціхенька звярталіся да яе: «Печ, печ, памажы!» Пасля віталіся з гаспадарамі: садзіліся на лаву і пачыналі гаворку.

Пашана да печы як да месца знаходжання душ продкаў адлюстравана і ў беларускім звычаі, згодна з якім бацькі, пачуўшы прапанову свацці, раяцца паміж сабою, адышоўшы да печы. На Украіне ў час сватання нязеста, выказваючы сваю згоду выйсці за таго, хто да яе сватаецца, моўчкі садзілася на печ і калупала пальцамі гліну.

У некаторых вёсках Гомельшчыны і цяпер існуе старадаўні звычай: маладая на другі дзень пасля вяселля беліць печ у хаце маладога. Гэтым яна імкнецца «задобрыць» печ, наладзіць адносіны з ёю, а значыць — з новай сям'ёй.

Апошнім часам мы ўсё часцей звяртаемся да сваёй духоўнай спадчыны, імкнёмся зразумець светаўспрыманне, мары і надзеі нашых продкаў. Важнай рысай, якая вызначала светапогляд людзей мінулага, было адухаўленне ўсяго таго, што знаходзілася побач з чалавекам.

У. Коваль

Статистика посещений

Колькасць праглядаў матэрыялаў
293567