Так і хочацца, каб нехта мудры падказаў, як і дзе ступіць, што сказаць.
А нашым продкам было значна прасцей: на кожны выпадак існавала ў беларусаў цэласная асэнсаваная сістэма звычаяў і абрадаў. Звычаі і абрады не былі самамэтай ці гульнёй. Яны былі арганічнай часткай духоўнай культуры. Больш таго, продкі разумелі, што лад у сям'і залежыць ад умення ўлічыць шматлікія з'явы ў навакольным свеце, аж да драбнейшых змен надвор'я.
Яшчэ беларусы верылі ў разнастайных духаў — дамавых, палявых, лясных і іншых. Усё багацце прыкмет, павер'яў, звычаяў, абрадавых дзеянняў улічваў кожны селянін, які збіраўся для сябе пабудаваць новую хату.
Будаўніцтва пачыналася з выбару месца і адпаведных матэрыялаў. Гэта ж колькі ўсяго трэба было ведаць і прадбачыць!
Мяркуйце самі. Дрэва на будоўлю, лічылася, лепш за ўсё ссякаць тады, калі месяц знаходзіцца ў сваёй апошняй квадры («ветаху»), тады яно будзе трывалае. А ссечанае ў маладзік нядоўга паслужыць, спілаванае паміж квадрамі месяца сточыць шашаль.
Людзі меркавалі: нельга на пабудову браць вывернутае непагодаю дрэва, бо яго чорт для сябе вывернуў і разам з дрзвам можа перасяліцца ў новую хату. Таксама нельга было ўжываць тое дрэва, што завісала на другім, бо хутка такі будынак згарыць. Вопытны селянін ніколі не браў для будаўніцтва рыплівага дрэва, бо ў збудаванай з яго хаце людзі могуць часта паміраць ці заходзіцца ад кашлю. Не падыходзіла для гэтай мэты і дрэва, што, ссечанае, павалілася на поўнач: у хаце памрэ чалавек, а ў хляве — жывёла. Самымі спрыяльнымі месяцамі для нарыхтоўкі драўніны лічыліся сакавік і красавік, таму што веснавы сок рабіў дрэва мацнейшым.
Вельмі важна было правільна нарыхтаваць мох: гаспадар мусіў пайсці ў панядзелак у лес, наскубці вялікую жменю моху і пакласці на чыстай зямлі. Тое ж самае — у аўторак, сераду і г. д. Падышоўшы ж у нядзелю да тых кучак і падняўшы кожную, глядзеў, пад якою з іх не было мошак, чарвякоў. Толькі ў той дзень тыдня, калі была нарваная гэтая кучка, можна было рыхтаваць мох для будаўніцтва. Значыць, спадзяваліся, што ў хаце не завя-дуцца казюркі…
Паводле народных уяўленняў, на падмурак нельга было браць каменне з могілак, бо ўвесь час будуць непрыемнасці. Пільнавалі, каб на будоўлю не трапіла дрэва з «ваўком», г. зн. з чорнай сарцавінай, — інакш сям'ю зноў будуць даймаць хваробы і няшчасці.
На Беларусі існавала шмат спосабаў, магічных прыёмаў, якімі карысталіся сяляне пры выбары месца пад хату. Так, аблюбаваўшы нейкую мясціну, ставілі на тым месцы чыгунок з павуком: калі за ноч ён пачынаў «ткаць кросны», то лічылася, што месца пад хату выбрана добрае.
Шырока бытавала і такое павер'е: калі ў посудзе з мёдам, пакінутым на абраным месцы ў выкапанай ямцы на ноч, пад раніцу з'яўляліся мурашы, месца лічылася ўдалым.
У народным штодзённым жыцці шырока бытавала перакананне, што нельга будавацца на спрэчнай дзялянцы зямлі, бо будуць накліканы праклёны таго, хто спрачаўся і прайграў. Ніколі не ставілі хату там, дзе былі знойдзены чалавечыя косткі, а таксама там, дзе хто-небудзь пасек сякерай нагу ці руку, парэзаўся сярпом, касой, нажом.
Нарэшце, падрыхтоўчыя работы скончаны, за працу браліся цесляры. На тэрыторыі Беларусі шырока бытаваў звычай пры заснаванні хаты класці пад вугал манеты, кавалкі хлеба ці сыру, часам галаву пеўня, што было ахвяраваннем дамавому.
Калі клалі першы вянец, то назіралі, куды паляціць першая трэска: трапіць у сярэдзіну чатырохвугольніка, значыць, будуць прыбыткі ў доме…
Быў звычай пад усе чатыры вуглы класці кавалачак ладану, пасвячоныя зёлкі ці хвойныя галіны, каб засцерагчы дом ад перуноў. Бытавала ўяўленне, што перуны праследуюць нячысцікаў, якія, вядома ж, не стануць хавацца там, дзе ляжыць што-небудзь свянцонае.
Шмат павер'яў было звязана з апошнім вянцом. Так, пры завяршэнні будаўніцтва гаспадар перакладваў праз апошні вянец асвечанае яйка, якое адразу ж закопвалі на месцы падзення, каб вецер не здзіраў страху. Пасля таго як на гарышчы быў высланы мох, па ім сеялі авёс і прысыпалі пяском. Авёс узыходзіў і паступова засыхаў, тым самым забяспечваючы багацце ў хаце.
Паводле Т. Кухаронак