Пры ўваходзінах (улазінах, уходзінах, вясёлках) трэба было памазаць мёдам усе чатыры куты, каб жыццё было салодкае. Пераход у новы дом прымяркоўваўся да поўні.
Было прынята ўкрасці ў суседзяў качаргу і прынесці яе ў новы дом. Але перш за ўсё абавязкова заносілі абраз і стол. У асобных раёнах Беларусі сустракаўся і такі звычай: пры ўваходзінах праз адчыненыя дзверы кідалі клубок нітак. Трымаючыся за нітку, члены сям'і па старшынству ўваходзілі ў хату.
Першымі ў новую хату патрэбныя рэчы заносілі звычайна гаспадар ці гаспадыня. Але, калі яны былі бяздзетныя, па іх даручэнні гэта рабілі іншыя родзічы, што мелі дзяцей, або нават староннія людзі: перавага аддавалася цяжарнай жанчыне.
Сярод беларусаў існавала такая прыкмета: хто ў дзяцінстве разбураў птушыныя гнёзды, той за жыццё зменіць столькі сяліб, колькі гнёздаў разбурыў. Лічылася, што пакідаючы старое жыллё, нельга было вымятаць смецце, бо той, хто ў гэтую хату ўселіцца, не будзе мець шчасця.
Стол і печ былі ўвасабленнем хатняй святыні. Пры закладванні печы часта збіралі талаку, запрашаючы пераважна моладзь. Маладыя талакоўцы працавалі з песнямі і жартамі. У канцы работы гаспадар частаваў памагатых. Заснаванне печы, як і будаўніцтва хаты, прымяркоўвалі да поўні: у гэтым выпадку лічылася, што печ будзе добра трымаць цяпло. Калі першы раз палілі ў печы, у яе трэба было ўсыпаць 9 жменяў зерня, ад чаго сценкі печы пакрываліся слоем глянцу, да якога пазней не прыставала сажа.
У дзень перасялення ў новую хату гаспадары запрашалі гасцей, а таксама святара, каб асвяціць новае жыллё. Госці прыносілі падарункі. Увайшоўшы ў дом, госць кідаў грошы на печ, хлеб і соль клаў на стол, зерне — на лаўку. Усё гэта гаспадар новага дома клаў у клець. Жанчыны прыносілі воўну, посцілкі, абрусы, муку, розныя крупы, яйкі, сала. Гэтыя падарункі прымала гаспадыня.
Трэба адзначыць, што на ўваходзінах не было спецыяльных абрадавых песень, гульняў. Бяседу вёў найбольш дасціпны і вясёлы з гасцей.
Мужчыны давалі часта разнастайныя «парады» гаспадарам. Часам падкладвалі пад сяннік якую-небудзь жалезную рэч, каб у сям'і нарадзіўся сын.
Агульнапрынятым на Беларусі было імкненне як мага лепш пачаставаць гасцей, бо верылі, што ў гэтым выпадку ў новай хаце сям'я будзе жыць заможна.
У традыцыйнай абраднасці нічога не было выпадковым, непатрэбным, усё падпарадкоўвалася пэўнай мэце і адпавядала пэўным прынцыпам, маральным нормам, светаўспрыманню.
Мабыць, пра саміх сябе, пра сувязь чалавека з прыродай, з сусветам, космасам нашы не такія ўжо далёкія продкі ведалі значна больш, чым мы. Напэўна, і мы з цягам часу зможам зразумець шмат з таго, што здаецца сёння неразумным і нават недарэчным, і тым самым пазнаем сябе, сваю душу, псіхалогію, слынны беларускі нацыянальны характар.
А некаторыя з пералічаных звычаяў маглі б упрыгожыць сучасныя ўваходзіны, зрабіць іх шчырым, вясёлым, а галоўнае — адметным святам, каб гаспадарам і гасцям успаміналася не толькі колькасць выпітага і з'едзенага, а нешта большае, нейкі вобраз, рысачка, звязаная з родным домам, якія будуць саграваць і падтрымліваць у цяжкую хвіліну жыцця.
Паводле Т. Кухаронак